Кантакты: 6296337 (Лёшык) 7530312 (Сяржук) poszuk@gmail.com
Что
такое "ПОШУК"? Слушайте в MP3
Анкета: Ваш удзел
Партнёры:
Волонтёрская инициатива: Мы - Детям

Будзьма разам!
 
У Пошуках Страчанага...
29.04.2010
Вітаем вас, шаноўныя сябры! Здаецца, эмоцыі ды хваляванні крыху ўжо супакоіліся, таму прапануем Вам яшчэ раз хуценька прабегчыся ў думках па Барысаве, а таксама ўзгадаць найбольш цікавыя моманты нашае гульні.
Перш за ўсё, хацім сказаць Вялікі Дзякуй усім за цеплыя словы ў наш адрас! Мы сапраўды вельмі доўга, з апанаваннем ды захапленнем рыхтавалі “барысаўскія прыгоды”... Але ж нават не разлічвалі, што Вам так яны прыйдуцца да спадобы! Нам гэта вельмі прыемна адчуваць! Дзякуй!!!
Раней мноства разоў давадзілася бываць ў Барысаве, але ж што такое Барысаў, я адчуў толькі ў мінулым годзе, калі ўбачыў яго з адваротнага боку. Менавіта такім чынам з’явілася тэма для гульні – тэма ўжо назаўседы страчаных гістарычных ды культурных скарбаў, а таксама тых, якія яшчэ магчыма выратаваць, нібы вырваць з пасткі забыцця і знішчэння! Вельмі крыўдна назіраць сення, як бясцэнныя рэліквіі нашае гісторыі з маўклівай згоды ды нават заахвочвання ўлад паступова ператвараюцца ў сметнік! Ці знойдзецца нехта, хто спыніць гэткую сумную тэндэнцыю?
Вось, напрыклад, ўзгадаем маентак Радзівілаў ў Стараселлі (Старабарысаве). Будынак, ў якім у свой час размясціліся рэзідэнцыя французаў і дзе начаваў сам Напалеон Банапарт; дзе падчас Вялікай Айчыннай Вайны адбылася нарада з удзелам генералаў фашысцкай арміі, на якой прысутнічаў Гітлер. Які ж файны музэй пры жаданні тут магчыма было арганізаваць! Толькі каму да гэтага была справа? Савецкія ўлады аддалі перавагу арганізацыі на гэтым месцы калгаса ды кінатэатра. Рэшткі абсталявання апошняга і павінны былі падказаць Вам, дзе мы схавалі трохразовы бонус і што ж гэта за “выхад святла” такі!
Рухаемся далей... Заданне пра сталевыя пачуцці... Асноўную падказку можна ўбачыць ў назве “Рамантычны Барысаў”, якая “зубрам” Пошука павінна была нагадаць гульню “Рамантычны Менск”. Можаце адшукаць яе рэліз альбо фотаздымкі – і ўсе адразу стане зразумелым! Замочак, на якім выгравіраваны майстэрскай рукою літара “F” і сэрца (“Forever Love” – “вечнае каханне, вечная любоў”) ў адпаведнасці з нашай задумкай сімвалізуюць агульную зачараванасць ды ўлюбенасць ў Пошук усіх сапраўдных пашуканцаў. Тыя, хто ў якасці адказа выпальваў “Тутэйшыя 2010”, няхай прабачаюць нас. Замочак з адпаведнай гравіроўкай мае бясцэнную важнасць, але ж толькі для нашай каманды! Ключы, з дапамогай якіх магчыма адамкнуць абодва замка, “Назаўседы” пахаваныя пад імклівымі хвалямі Бярэзіны, недзе побач таксама пахавана карта горада Барысава (прывітанне адной цудоўнай ды нават унікальнай пашуканцы з адной, не пабаюся гэтага слова, ўжо культавай каманды Пошука: нас вельмі ўражвае ваша ўпартасць і самаадданасць пры выкананні заданняў! Поспехаў Вам!!!)
Што датычыцца “Пакінутай Кропкі”, так шкада, што многія гульцы акрамя яе бачылі толькі старт ды фініш. Хаця, з іншага боку, хто не бачыў Печы, таксама шмат згубіў. Тыя, хто там выконвалі заданне, думаю, мяне зразумелі! У боты, спадзяюся, ніхто не трапіў?
І вось нарэшце адна з трох галоўных “фішак” нашае гульні – “Страчаная Скарбонка Цудаў”! На жаль, дзве іншыя Вы так і не пабачылі, яны былі сапсаваныя, таму ў гульню не трапілі (але мы абавязкова яшчэ да іх вернемся – чакайце наступных нашых гульняў! Дай Бог, каб яны былі!)
Амаль ўсе каманды крышачку памыліліся, калі знаеміліся з фармулеўкай: чамусьці спрабавалі звязваць яе з месцам замест таго, каб спачатку звязаць з чалавекам, а ўжо потым – шукаць месца! Таму многія паспелі адзначыцца на фінішы значна раней, чым мы таго чакалі! Малайцы!!! А вось калі паўстала з глыбінь інтэрнэта прозвішча Каладзеева, дык адразу рух распачаў адбывацца ў патрэбным напрамку! Але ж дарэчы, хтосьці паспеў яшчэ бібліятэку імя Каладзеева наведаць. Гэта, канешне, добра, вось толькі з вялікім краяведам (даследавальнікам вайны 1812 года, бібліятэка якога ў прыватнай сядзібе налічвала звыш 40000 тамоў і розных ваенных артэфактаў!!!) агульнага яна амаль нічога не мае...
Наконт скарбонкі мы дужа хваляваліся... А што, калі “мясцовы бессаромны злодзей” сапсуе заданне, пашкодзіць ці выкрадзе скарбоначку з паштоўкамі! Хоць ты свечачку йдзі... На шчасце ўсе скончылася добра, і мы на фінішы з асаблівым задавальненнем сачылі, хто ж з капітанаў узгадае пра запалкі ў кішэні! Малочныя “1812” сталі сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх. Як бачыце, у Пошуку сення ўжо недастаткова знайсці месца ды знак, калі адна цікавая дробязь ў стане перакрэсліць ўсе намаганні. Крыху крыўдна, але ж хто сказаў, што павінна быць легка! Асабліва крыўдна (мне) за Гіпаталамусаў (здаецца, не памыляюся), якія амаль здагадаліся, толькі што вытрымкі і ўважлівасці не хапіла, не дапалілі, не дасмалілі!
Каб не было гульцам зусім сумна ад назірання страчанага, падвоены пікет мы вырашылі, наколькі магчыма, напоўніць гумарком ды цікавымі момантамі. У выніку і “паздзекваліся” (у добрым сэнсе слова) над Вамі даволі, і азартнасць праверылі (латэрэя з самага пачатку нічога добрага камандам не суліла: тры спробы, дзесяць удзельнікаў, сорак білетаў, тры з сарака, шанцаў ня густа...). Што датычыцца вершаў Янкі Купалы, якія мы жадалі пачуць ад вас, дык тут ніхто не здзівіў. Тое, што “...Ад прадзедаў спакон вякоў...” многія добра ведаюць, мы разумелі яшчэ да гульні, а вось іншыя вершы давялося вывучыць. Камусьці гэта далося хутчэй і лягчэй, камусьці з неверагодным напружаннем, а хтосьці нават “хітрыкі” ўключаць спрабаваў. У наступны раз за гэткія спробы будзем біць кагосьці па руках! Але ж ня сільна і не балюча! З тых выступаў, якія паспеў пачуць і ўбачыць паміж “удакладненнямі”, найбольш ўразілі зноў-такі Гіпаталамусы. Выдатна! Выразна! Моцна! Беспамылкова! Вельмі спадабалася!!!
Наконт “удакладненняў” скажу, што быў занадта добрым! Шмат “рысачак” пашкадаваў маляваць, у наступны раз на такое палягчэнне можаце не разлічваць нават! Бо я ж жыццем разыкую – за мае падказкі-удакладненні мяне можа напаткаць калі-небудзь лес таварыша Астапа Бэндера: “...зараз будуць біць! Магчыма, нават нагамі!..” Каманда будзе надалей пільна сачыць за кожным маім крокам...
Другая частка разгадвалася, неяк здалося, хутчэй за першую. У яе склад мы ўключылі заданне з калодзежам (“Пей – не робей, и никогда не плюй в колодец!»), не абавязковае для выканання, таму названае “бонусам”. Олд Скул, выконваючы яго, паказалі сябе найбольш уважлівымі. Яны і атрымалі салодкі падарунак, нібы выратаванне ад смагі!
А тым часам каманды ўжо, здавалася, цалкам адаптаваліся да барысаўскіх ўмоваў, і працэс пайшоў значна інтэнсіўней. Нават “Чалае Месца” (па аналогіі з вуліцай Чалаўскай) знаходзілі жвава, хаця фармулеўка не давала дакладных звестак пра вежу, ды і інтэрнет ў гэтым выпадку быў бескарысным.
Найбольш цікавым, на маю думку, у другой частцы было заданне “На развалінах”. “Адно з найбольш каштоўных ў гістарычным плане месцаў Барысава – замчышча. Тут працягваецца разбурэнне будынка былой замкавай турмы, якая была ўзведзена ў час яго апошняй рэканструкцыі ў XIX стагоддзі. Асабліва гэта заўважна пасля селетняй працяглай і шматснежнай зімы. Але не толькі прарода нясе шкоду для гэтага месца. На замчышчы непасрэдна пад ахоўным знакам можна назіраць свежыя горы смецця будаўнічага матэрыялу... Стан замчышча і асабліва яго будучыня выклікаюць вялікі непакой.”
Там вам не цяжка было адшукаць наш замочак з надпісам “Праз мары да волі...”, растлумачваць штосьці залішне. Чаму замочак? Ды проста рука не ўзнялася б маляваць знак у гэтым месцы фарбай!
Старая прыстань – яшчэ адно вельмі цікавае і прыгожае месца. На жаль, узровень вады ў Бярэзіне зараз узняўся болей чым на два метры, таму шматлікія цікавосці зніклі пад хвалямі, чакаючы летняга вызвалення. Калі Бярэзіна каля Барысава была суднаходнай, існавала ўздоўж берагоў сетка бакенаў – буёў з усталяванымі на вяршыні зяленымі і чырвонымі ліхтарамі. Бакены неслі начную варту, папярэджваючы аб блізкасці берага альбо мелкаводдзя. На кожным беразе працаваў бакеншчык (адзін на 1-3 кіламетры ўзбярэжжа), абавязкам якога было сваечасовае забеспячэнне ліхтароў палівам. Але ж суднаходнасць на гэтым адрезку неўзабаве спынілася, прыстань стала амаль зікінутай, і хто такія бакеншчыкі - таксама хутка ўсе забыліся.
Вось, калі ў асноўным, здаецца, і ўсе. Яшчэ раз адзначу, што было вельмі прыемна бачыць ўсіх на фінішы шчаслівымі і задаволенымі. Тое, што гульня Вам спадабалася, для нас з’яўляецца галоўнай ўзнагародай. А калі так, дык мы паспрабуем ў будучыні парадаваць Вас сваімі чарговымі гульнямі. Фішак і крэатыву, не сумнявайцеся, хопіць на усіх!!! Вялікі Дзякуй яшчэ раз усім Вам, сябры, за ўдзел і цеплыя словы!!!

Выніковыя месцы:
1. Архі-Манархі -------------- 4.26 (як ніколі выдатная ды імклівая гульня!!! толькі паштоўкі чытаць не забывайцеся!)
2. Old School ------------------ 4.53 (нават гадзіна за беспамылковасць і адсутнасць падказак не дапамагла, але ўсе ж адзіныя, у каго была магчымасць паспрачацца за першае месца!)
3. Чыпухі ---------------------- 5.57 (гулялі непоўным складам, цяжка было напэўна, але ж ўважлівасць дазволіла выцягнуць са скарбонкі цудаў шчаслівы білет!)
4. Хіппіфак -------------------- 6.11 (і зноўку крыху не хапае чагосьці... мо, вопыту? і ўсе роўна, малайцы!)
5. Таму Што Гіпаталамус -- 6.13 (крыўдна! ледзь-ледзь трэцяе месца не выпалілі, а гулялі якасна, цалкам заслугоўвалі лепшай долі!)
6. ДНК ------------------------- 6.32 (восем дзяўчынак, кажаце? але ж як цудоўна мужыкоў на “пакінутай кропцы” прысаромілі! надышоў час вырашаць больш сур’езныя задачы ў Пошуку! а, дзяўчаты?)
7. Чапяла ---------------------- 6.49 (здзівілі! здавалася, з такой падрыхтоўкай ды на колах павінны былі абавязкова трапіць у тройку!)
8. Харугва Z ------------------ 7.07 (ваш шлях у Пошуку толькі пачынаецца! усе яшчэ будзе!!! збірайце вопыт і веды!!!)
9. Пакемоши ------------------ 7.16 (няўжо так захапіліся барысаўскімі краявідамі, што нават гульней паахвяравалі? чакаем ад вас значна большага!!!)
10. ДА?! ----------------------- 7.56 (непапраўныя! вось у каго лепш за ўсіх атрымліваецца сумяшчаць карыснае з прыемным! жывыя, здаровыя, не згубіліся – ну вось і добра!)

Бонус за вершы: 10 хвіліначак
1. Таму Што Гіпаталамус
2. Пакемошы

Бонус на “Выхадзе Святла”:
1. Архі-Манархі (Гарадскі Стадыен, 30 хвілін)
2. Хіппіфак (Мапа Пошука, 15 хвілін)

Бонус на “Пакінутай Кропцы”: 15 хвіліначак
1. ДНК (пісталет на фінішы вярнулі арганізатарам, відаць прапануючы самім застрэліцца!)

Бонус са “Скарбонкі Цудаў”:
1. Чыпухі (кафейня ад БАТЭ, 30 хвілін)

Бонус гідратэхнічны: 20 хвіліначак
1. Архі-Манархі
2. Таму Што Гіпаталамус
3. Олд Скул

Латэрэя:
1. Олд Скул страцілі 10 хвілін
2. Да?! страцілі 20 хвілін
3. Чыпухі страцілі 20 хвілін
4. Пакемоші страцілі 10 хвілін
5. Таму Што Гіпаталамус страцілі 10 хвілін
6. ДНК страцілі 20 хвілін
7. Архі-Манархі здолелі адыграцца

Олд Скул атрымалі мінус гадзіну за адсутнасць падказак ды правільныя адказы на загадкі.



Заданні ТУТ.
 
Дадаць каментар:
Імя*:
E-mail:
Тэкст каментару*:
Увядзіце код*:
Палі, пазначаныя *, абавязковыя для запаўнення