Пошук – гэта гарадскі экшн з разгадваньнем велізарнай колькасьці рэбусаў і загадак, вар'яцкімі шпацырамі і прабежкамі па горадзе, морам пазытыўных эмоцый і паглыбленымі спазнаньнямі пра наш горад! Каманды-ўдзельніцы павінны за максымальна хуткі час прайсьці маршрут з N-най колькасьцю заданьняў. Мэта гэтай гульні не зарабіць, а разьвеяцца, набыць веды пра нашую сталіцу… Мы больш як упэўненыя, што ня ўсе ведаюць горад
ВЕЛЬМІ добра… І, як нам здаецца, нават у родным раёне некаторыя не здагадваюцца пра шматлікія мясцовыя славутасьці, адметнасьці ды цікавыя асаблівыя мясьцінкі ды разнастайныя аб’екты вартыя ўвагі, хаця кожны дзень прахаджваюцца па тых самых вулачках і падворках, дзе іх можа чакаць пытаньне.
Пошук зьявіўся ў Менску 3 гады таму як альтэрнатыва вельмі распаўсюджаным у сталіцы камерцыйным гульням, падобным на нашую. Пошук адрозьніваецца тым, што нашы заданьні зьвязаны ў першую чаргу з гісторыяй і культурай горада, у гульні прысутнічае здаровая доля экстрыму, а ЎСЕ (!!!) каманды і арганізатары зьвязаны моцнымі сяброўскімі адносінамі :) Каб пагуляць у Пошук мог дазволіць сабе кожны ахвотны, мы зрабілі сымбалічны грашовы ўнёсак – 5000 рублёў ад каманды ды забаранілі карыстаньне асабістым аўтатранспартам.
Мы, арганізатары, гэта згуртаваная і дружная каманда.
Пакуль яшчэ вучымся ў розных ВНУ нашай краіны (у асноўным у тэхнічных), але гэта нам не замінае ўвасабляць нашыя адважныя гуманітарныя задумы ў жыцьцё. У нас велізарная колькасьць ідэй, планаў, праектаў, да таго ж, мы заўсёды радыя новым асобам, а таму, калі вы валодаеце неардынарным розумам і кемлівасьцю, у вас ёсць крэатыў, вы здольныя думаць шырока і бачыць у простых рэчах загадку, жадаеце дапамагчы, то далучайцеся - не сядзіце на месцы! І мы зможам зрабіць нашае жыцьцё і жыцьцё вакол нас нашмат лепш, цікавей… і весялей ;)
Акрамя Пошуку мы і нашыя сябры занятыя ў:
Zabej – футбольны турнір сярод дваровых каманд
Разам – дзецям – валантэрская ініцыятыва
ZABEJ!INFO – самвытатаўскі зін
А таксама
літвечарыны, канцэрты, фотавыставы, семінары, паходы і многае іншае. Сачыце за навінамі, а таксама далучайцеся да ўдзелу і арганізацыі ;)